Ліцэісты наведалі Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску

17 красавіка, напярэдадні святкавання 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, лепшыя ліцэісты, а таксама студэнты, якія наведваюць гурток «Спадчына», былі ўзнагароджаны паездкай у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Прыехаўшы ў музей, мы ўпершыню ўбачылі новы будынак музея і яго экспазіцыі. Цікава правёў экскурсію Цуба Міхаіл Віктаравіч, настаўнік гісторыі ліцэя, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.
Усіх вельмі ўразіла сучаснасць музея. Гукавое суправаджэнне, праекцыйнае ўзнаўленне вайсковых сітуацый, мультымедыйныя прыстасаванні, з дапамогай якіх можна было абіраць міні-фільмы з вайсковай кінахронікі – усё гэта глыбока ўразіла і дало зразумець, як жа шмат мы яшчэ не ведаем пра такую, здавалася б, вядомую вайну! У музеі ўсё разлічана на стварэнне эфекту наяўнасці ў розных сітуацыях: тут капаюць зямлянку, непадалёк закладваюць снарады для «рэйкавай» вайны, крыху далей працуе вайсковая кухня. Здаецца, падыдзеш да салдацкага повара, і ён пачастуе цябе смачным абедам.
Абыйсці музей «па-хуткаму» не атрымалася: па-першае, усё вельмі цікава, а па-другое, экспазіцыі займаюць вялікую плошчу. Гэта вельмі грандыёзнае збудаванне, і патрабуебольш часу на вывучэнне. Дарэчы, у кожнай зале свая тэматыка: партызанскі супраціў, спаленыя вёскі, канцлагеры... Унікальныя зводкі, арыгіналы вайсковых выпускаў газет, улёткі, знойдзеныя прадметы побыту – усё гэта хочацца прачытаць і разгледзець. Асабліва ўразіў уваход у залу, прысвечаную спаленым вёскам – ён быццам ахоплены агнём!
У музеі была пададзена таксама легендарная вайсковая тэхніка: браняваны савецкі Т-34, нямецкі T-3. Калі падняць галаву, то можна ўбачыць асноўны хуткасны знішчальнік І-16. Каля яго – прызнаны лепшым знішчальнікам Другой сусветнай вайны манеўраны Месершміт-109. Крыху далей над намі «летаў» «кукурузнік» ці «старшына фронту».
Пачуццё гонару за Перамогу, камяк у горле ад велізарных страт і пакут савецкіх людзей, захапленне мужнасцю сталых і дзяцей у складаных вайсковых сітуацыях – з такімі эмоцыямі мы выйшлі з музея. Экскурсія нас вельмі ўразіла. Кожны павінен наведаць гэты музей, бо тут захоўваецца памяць пра тых людзей, каму мы абавязаны мірным небам і шчаслівым жыццём.
 
Магер Надзея, Кіслюк Таццяна,
вучаніцы 10 «А» класа ліцэя ПалесДУ