90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

"Дзве старонкі, дваццаць ці дзвесце... А можа, тысячы тысяч?
Усё адно, нават іх будзе мала, каб годна ўславіць цябе, родная беларуская мова.
Таму што мільёны тваіх людзей самім існаваннем сваім з самага пачатку дзён
кожным трапным словам, кожнай любоўнай ці гнеўнай думкай, кожным знішчальным,
здзеклівым, іранічным або, наадварот, добрым, лірычным сказам славяць цябе.
І славіць будуць, пакуль не скончыцца жыццё людское і думка людская на Зямлі"

Уладзімір Караткевіч
26 лістапада — дзень народзінаў Уладзіміра Караткевіча. Для нас ён значны настолькі ж, наколькі знакавыя для Вялікабрытаніі — Вальтэр Скот, або для Польшчы — Генрык Сянкевіч. Пісьменнік быў яшчэ пры жыцці прызнаны класікам сучаснай беларускай літаратуры. Без усякага пафасу можна сказаць, што  жыццё Уладзіміра Караткевіча – гэта ўзор служэння радзіме, народу, мове. Ён — гонар і сумленне беларускай нацыі. Найвялікшая каштоўнасць усяго, што напісаў пісьменнік, заключаецца ў тым, што яго творы выхоўваюць патрыятычныя пачуцці, вучаць лепш разумець наша мінулае і сучаснае.
З нагоды 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, прапануем вашай увазе прэзентацыю “Быў. Ёсць. Буду”
У кожнага беларуса па-свойму пачыналася знаёмства з Караткевічам: нехта не мог заснуць ад страху, асцерагаючыся прывідаў караля Стаха, іншыя знаёміліся з сялянскімі і дваранскімі звычаямі праз галоўнага героя «Каласоў…» паніча Алеся Загорскага. Або паглыбляемся ў дэтэктыў «Чорнага замка Альшанскага», што сыходзіць каранямі ў 18-е стагоддзе, калі князь скрадае казну і каштоўнасці паўстанцаў, ды раптоўна памірае, пакінуўшы манускрыпт з месцазнаходжаннем скарбаў. Яго, адкрывальніка ў нашай літаратуры гістарычна-дэтэктыўнага жанру, неверагодна цікава чытаць. Прачытаўшы хоць адзін твор класіка — раман, апавяданне ці верш, усведамляем: ён вялікі прыгоднік, глыбокі гісторык, апантаны патрыёт і нястомны вандроўнік.
Але калі разважаюць пра след на зямлі, які пакідае кожны з нас, то след Караткевіча, яго спадчына, бессмяротны.
Запрашаем да чытання!