21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў Палескім дзяржаўным універсітэце адбылося святочнае мерапрыемства.
20 лютага ў фае вучэбнага корпуса №2 ПалесДУ пад кіраўніцтвам загадчыцы кафедры Вольгі Фёдараўны Жылевіч была арганізавана імпрэза “Адкрываю нанова беларускае роднае слова…”.


Дацэнт кафедры лінгвістыкі і прафесійнай камунікацыі інжынернага факультэта Алена Аляксандраўна Ігнацюк парадавала прысутных чытаннем уласных вершаў.

Вядучымі мерапрыемства выступілі студэнты групы 24ЛМК-1 Ягор Мальчанка і Андрэй Савончык. Маладыя людзі пазнаёмілі ўсіх, хто далучыўся да свята, з цікавымі гістарычнымі і навуковымі фактамі пра беларускую мову, а таксама прапанавалі гасцям праверыць свае веды ў мовазнаўчай віктарыне.

Студэнты і выкладчыкі з задавальненнем адказвалі на пытанні. Асабліва прыемна, што практычна на ўсе з іх гучалі правільныя адказы. Такая дасведчанасць моладзі пра беларускую мову і гісторыю яе развіцця сведчыць пра глыбокую павагу да мовы продкаў — нацыянальнага скарбу, які беражліва захоўваўся і перададзены нам у спадчыну.
Сапраўдным сюрпрызам для ўсіх стала выкананне беларускай песні “Слуцкія ткачыхі” студэнтам інжынернага факультэта Нгуен Чынь і студэнткай ФЭіФ Ганнай Копаць.

У фае была арганізавана выстава прадметаў народнай творчасці беларусаў, а таксама прэзентацыя з выказваннямі беларускіх пісьменнікаў, мовазнаўцаў і дзеячаў культуры праважнасць роднай мовы.


 

Дзень роднай мовы — асаблівы для кожнага народа, бо не існуе народа без мовы, як і мовы без яе носьбітаў. І мы, беларусы, не выключэнне. Нам у спадчыну дасталася ўнікальная мова — жывая і мілагучная, меладычная і паэтычная, старажытная і сучасная. “Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю”, — слушна заўважыў класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Мы памятаем яго словы і шануем родную беларускую мову.