19.12.2018 Рэспубліканская выстава сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў ”ГРАНІ ТВОРЧАСЦІ“

19.12.2018 У Палескім дзяржаўным універсітэце прайшло адкрыццё Рэспубліканскай выставы сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў ”ГРАНІ ТВОРЧАСЦІ“, прысвечаная Году малой радзімы.
Тэмай-дэвізам Рэспубліканскай выставы 2018 года выбрана цытата Уладзіміра Караткевіча – ”МОЙ ЧАРОЎНЫ БЕЛАРУСКІ КРАЙ. БАЦЬКАЎШЧЫНА СВЕТЛАЯ МАЯ!“.
Рэспубліканская выстава праводзіцца ў мэтах актуалізацыі і ўдасканалення сістэмы мастацка-эстэтычнага выхавання студэнцкай моладзі на аснове фарміравання каштоўнасных адносін да айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны, далейшага развіцця відава-жанравага дыяпазону аматарскай творчасці, прапаганды сучасных напрамкаў і лепшых узораў мастацкай творчасці, стварэння аптымальных умоў для развіцця і рэалізацыі творчага патэнцыялу студэнцкай моладзі.
У Рэспубліканскай выставе прымаюць удзел студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь – асобныя аўтары і творчыя аб’яднанні.
Рэспубліканскую выставу складаюць творчыя работы ў адпаведнасці з намінацыямі.Творчыя работы ў намінацыі ”Летэрынг“ – ”Мой родны кут, як ты мне мілы“ (Якуб Колас) выкананы ў тэхніцы ”Летэрынг“ (літаральна – ”маляванне словамі“) – мастацкае асэнсаванне цытаты беларускага пісьменніка і паэта Якуба Коласа ”Мой родны кут, як ты мне мілы“.
У намінацыі ”Рэхарыфма“ – ”Родны край беларускі спрадвеку, / Дзе такія ты фарбы знайшоў?“ (Алесь Ставер) аснову творчых работ складаюць стылізаваныя беларускія арнаменты ці арнаментальныя матывы. Прапанаваныя аўтарамі сюжэтная кампазіцыі, выкананыя ў тэхніцы каляровай графікі, іллюструюць рэгіянальнальныя асаблівасці беларускіх традыцый і культуры.
Намінацыя ”Фотаканцэпт“ – ”Мне лепей ад роднага краю нічога на свеце няма“ (Алесь Бачыла) прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта і грамадскага дзеяча Алеся Бачылы. Аснову канцэптуальных фотаработ складае візуалізацыя верша Алеся Бачылы ”Радзіма мая дарагая“.
Для ўдзелу ў намінацыі ”Візуальны сэт“ – ”Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў“ (Леанід Дайнэка) прадстаўлены творчыя работы ў розных напрамках і тэхніках выяўленчага мастацтва, якія з’яўляюцца ілюстрацыяй верша Леаніда Дайнэкі ”Беларусь, ты не забыта. / У душы, як Божы знак: / Хата. Канюшына. Жыта. / Бульба. Бусел. Шпак. / Мроя. Хлопец закаханы. / Цемра. Шлях дамоў. / Беларусь, ты збудавана / З беларускіх слоў!“.
Рэспубліканская выстава сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў ”ГРАНІ ТВОРЧАСЦІ“, прысвечаная Году малой радзімы, будзе экспанавацца ў Палескім дзяржаўным універсітэце з 19 снежня па 10 лютага.
У рамках адкрыцця выставы студэнты, выкладчыкі і госці змаглі пазнаеміцца з творчасцю беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц, яркай адметнай асобай у беларускай літаратуры, нашай зямлячкай. 20 лістапада 2018 года адной з лепшых беларускіх паэтэс сучаснасці, “палескай ластаўцы” Яўгеніі Янішчыц споўнілася б 70 гадоў.
Выказваем падзяку студэнтам і выкладчыкам, супрацоўнікам бібліятэкі універсітэта, супрацоўнікам аддзела выхаваўчай работы і супрацоўнікам гаспадарчага аддзела за аказаную дапамогу ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемства!!!
Запрашаем усіх наведаць Рэспубліканскую выставу сучаснай візуальнай
творчасці студэнтаў ”ГРАНІ ТВОРЧАСЦІ“!!!