ЧЫТАЕМ ШМАТ, ЧЫТАЕМ РАЗАМ, СТВАРАЕМ СЯБЕ І КРАІНУ!

Пад такім дэвізам у лютым 2017 года распачаўся маштабны рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў “Жывая класіка”.
Конкурс стаў традыцыйным, таму сярод тысяч хлопчыкаў i дзяўчынак удзельнiкамі першага адборачнага этапу з любімымі творамі беларускіх аўтараў сталі і ліцэісты. Каб вырашыць, хто стане пераможцам, строгае, але справядлiвае журы ацэньвала выступленнi чытальнiкаў з усёй адказнасцю.
Па-майстэрску расстаўленыя паўзы, удалая інтанацыя ці своечасовы жэст – такія прыёмы рабілі непаўторным кожнае выступленне. Чытальнікі разумелі: мала проста вывучыць верш на памяць – трэба найперш зразумець яго і данесці слухачу так, каб і той не застаўся раўнадушным да твора.
Чыталі вершы пра Радзіму, родную мову, вайну, бацькоў. Гучалі вершы Алеся Разанава, Міхася Парахневіча, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Дубоўкі, Максіма Багдановіча, Пімена Панчанкі.
Юныя аматары літаратуры пражывалі лёсы герояў са старонак кніг сваіх любімых аўтараў. Яскравыя, артыстычныя і шчырыя, яны прымусiлi кожнага і сумаваць, і смяяцца, а таксама кранулi самыя патаемныя стрункі душы. Перамога знайшла сваiх уладальнiкаў! Лепшыя юныя чытальнiкi, якія здолелі лепш за сваіх равеснікаў прадэмастраваць свой артыстызм, ступень пранікнення ў тэму абранага твора, атрымалi вiншаваннi i заслужаныя прызы.
У намінацыі “За шчырасць выканання” лепшай была Галішава Ксенія, вучаніца 10 “А” класа,самымі артыстычнымі былі выступленні Губарэнка Кацярыны, вучаніцы 10 “А” класа, і Янковіч Святланы, вучаніцы 10 “Б” класа, самы арыгінальны выбар тэксту быў у вучня 10 “В” класа Архіповіча Станіслава, адрознівалася эмацыянальнасцю выступленне вучаніцы 10 “А” класа Веранчук Ліі, у намінацыі “За праяўленую цікавасць да беларускай літаратуры” лепшымі былі Вайцаховіч Дзяніс, Слесарчук Максім, вучні 10 “В” класа, Фруман Данііл, вучань 10 “Б” класа. Бясспрэчным лідарам ва ўсіх членаў журы стала выступленне Аўрамчук Елізаветы, вучаніцы 10 “А” класа.