Практыка па міжкультурнай камунікацыі – яшчэ адна магчымасць дакрануцца да гісторыі роднай краіны

Экскурсія ў “Музей Беларускага Палесся” студэнтаў групы 21ЛМК-21 адбылася ў апошнія дні чэрвеня. Студэнты групы 21ЛМК-1 спецыяльнасці ”Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый“ наведалі дзяржаўную ўстанову "Музей Беларускага Палесся" ў межах вучэбнай азнаямляльнай практыкі па міжкультурнай камунікацыі.  

Практыканты з задавальненнем зазірнулі ў гісторыю Пінска і Палесся. А дапамаглі ім у гэтым супрацоўнікі экскурсійнага аддзела музея. Багатая этнаграфічная калекцыя Музея Беларускага Палесся пазнаёміла студэнтаў з бытам і традыцыямі палешукоў – самабытнай этнічнай групай, што да гэтага часу захавала сваю ўнікальную культурную спадчыну.

Бондарства, рыбалоўства, ткацтва, пляценне – асноўныя з традыцыйных рамёстваў і промыслаў палешукаў, якія прадстаўлены ў экспазіцыі “Промыслы і рамёствы Палесся”. Майстэрства палешукоў вырабляць гліняны посуд, каваць з жалеза разнастайныя прадметы, умельства дзяўчат і жанчын наносіць вытанчаныя ўзоры на тканыя вырабы і адзенне, вынаходніцтва драўлянага веласіпеда – гэта і многае іншае ўбачылі студэнты дзякуючы экспанатам музея. 

Унікальная калекцыя керамічнай пліткі XII стагоддзя, свінцовая пячатка Ізяслава Яраслававіча XI стагоддзя і іншыя ўнікальныя рэчы распавядаюць аб гісторыі Піншчыны, пачынаючы са старажытных часоў да пачатку XX стагоддзя.

Аб трагічным і гераічным мінулым Піншчыны распавяла экспазіцыя, прысвечаная перыяду Вялікай Айчыннай вайны: стварэнне партызанскага атрада пад кіраўніцтвам В.Каржа, пінскае гета, баі за вызваленне Піншчыны.

Спадабалася зала, прысвечаная ўнікальнай флоры і фаўне Палесся. Наведалі студэнты і выставачныя залы музея. Так, уразіла калекцыя экспазіцыі “Рускае мастацтва XIX–XX стст.”, дзе сабраны карціны, напісаныя вядомымі мастакамі Айвазоўскім, Васняцовым, Шышкіным і іншымі.

Грышаева Кацярына з групы 21ЛМК-1 падзялілася, што экскурсія ў Музей Беларускага Палесся аказалася цікавай і пазнавальнай, а яе аднагрупнік Гаўрыленка Антон дадаў, што ў музеі ўбачыў шмат рэчаў тых часоў, якія не давялося бачыць раней ні яго бацькам, ні яму. Па меркаванні студэнтаў такія пазнавальныя экскурсіі дапамагаюць больш поўна ўсвядоміць, хто ты, кім былі твае продкі, зразумець, што нам ёсць чым ганарыцца.

За час пешай экскурсіі па вуліцы Леніна практыканты агледзелі асноўныя славутасці Палескай жамчужыны: касцёл Успення Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе захаваўся арган XIX стагоддзя і знаходзіцца ўнікальнае палатно “Пінская Мадонна” пэндзля Альфрэда Рэмера, найстарэйшую гімназію Палесся і многія другія аб’екты.

Як адзначылі пазней студэнткі групы 21ЛМК-1 Батава Анастасія і Джумаліева Ганна, захапляльным для іх было даследаванне культурна-гістарычных мясцін вуліцы Леніна, якое дазволіла студэнтам даведацца больш пра гісторыю Пінска, яго знакамітых жыхароў і багатую культурную спадчыну. А Сафія Мацука дадала, што дзякуючы экскурсіі па пешаходнай вуліцы Леніна, яна не толькі пазнаёмілася з цікавымі аб’ектамі, што знаходзяцца на ёй, але і падрыхтавала паведамленне пра дом Напалеона Орды, знешні выгляд якога прымусіў адразу звярнуць увагу.

Студэнты адзначылі важнасць экскурсіі ў “Музей Беларускага Палесся” і па вуліцы Леніна горада Пінска ў час практыкі па міжкультурнай камунікацыі, так як для будучых перакладчыкаў неабходна ведаць і ўмець знаходзіць цікавую інфармацыю пра тыя мясціны, якія яны будуць паказваць замежным гасцям пры наведванні імі Беларусі. Менавіта пра горад Пінск студэнтам ужо ёсць што распавесці.