Другі з‘езд экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Беларусі прайшоў у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
9 снежня ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (Мінск) прайшоў Другі з‘езд экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Беларусі. Асноўныя пытанні, якія разглядаліся, гэта – нарматыўна-прававое забеспячэнне экскурсійна-пазнавальнага турызму ў Рэспубліцы Беларусь; сучасныя тэхналогіі фарміравання і рэкламы турпрадукту ў экскурсійным бізнесе; праблемы ўзаемадзеяння і размежавання кампетэнцый, розных падыходаў і ацэнак, адсутнасць дыфферэнцыраванага падыходу да абслугоўвання розных катэгорый турыстаў і экскурсантаў, ды іншыя.
Мікалай Чырскі – старшыня Беларускага грамадскага аб‘яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў – надаў вялікую ўвагу праблемам ўзаемадзеяння дзяржаўных, грамадскіх і камерцыйных структур па развіццю экскурсійнага бізнесу, а таксама сацыяльнаму статусу і ахове працы экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. У рабоце з‘езда прымала ўдзел і старшы выкладчык кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, старшыня студэнцкага экскурсійнага таварыства Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, экскурсавод Г. М. Пашкавец. Пасля кожнага выступлення адбывалася абмеркаванне ў выглядзе адкрытага мікрафона. У з‘ездзе прынялі ўдзел экскурсаводы і гіды-перакладчыкі з Мінска і рэгіёнаў, ветэраны беларускага турызму, а таксама вядучыя спецыялісты турыстычных прадпрыемстваў, навуковыя дзеячы, прадстаўнікі Дэпартамента па турызму, а таксама замежныя эксперты. Па завяршэнні работы з‘езда адбылося падвядзенне яго вынікаў і экскурсія па Музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.