Паэтэса палескага краю

Так здарылася, што менавіта ў Год малой радзімы споўнілася 70 год з дня нараджэння нашай зямлячцы, беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц. З гэтай нагоды 22 лістапада 2018 года ў чытальнай зале вучэбнага корпуса №1 адбылася вечарына «Яўгенія Янішчыц: лёс-камета…». У бібліятэку завіталі ліцэісты, студэнты і супрацоўнікі. На мерапрыемстве склалася атмасфера лёгкай тугі па таленце паэтэсы, які сёння належыць вечнасці.
Вядучая мерапрыемства бібліятэкар Т.М. Дубойская распавяла пра жыццёвы шлях Яўгеніі Янішчыц, яе паэзію. Тонкая, лірычная, глыбокая, ранімая Яўгенія Янішчыц увайшла ў беларускую паэзію проста і свабодна, яе паэтычны дар немагчыма было не заўважыць.
Любоў да сваёй малой радзімы Яўгенія Янішчыц пранесла праз ўсё жыццё. Яна казала так: “Мая малая радзіма – гэта мой лёс, мой боль, мая паэзія…”. Ліцэісты і супрацоўнікі мелі магчымасць паслухаць мелодыю песні “Старана мая азёрная ” на словы Я. Янішчыц і музыку З. Яўтуховіча. Прагучалі яе вершы “Пачынаецца ўсё з любві”, «Ты пакліч мяне. Пазаві…», «Мама падрэзала косы», «Гавары са мной па-беларуску», «…І самы позні час…» і інш. у выкананні Лукашык Юліі, Муравейка Наталлі, Гаргун Анастасіі, Паляшчук Ганны, Долмат Елізаветы, Куная Віктара, Дземчука Канстанціна, Кандрацюка Дзмітрыя.
Погляды прыцягвала кніжная выстава «Ластаўка беларускай паэзіі», якая змяшчала артыкулы і кнігі пра “палескую ластаўку” і зборнікі паэзіі Я. Янішчыц.
Выкладальнік беларускай мовы і літаратуры Магер Н.У. падкрэсліла, што патрэбна чытаць і глыбока вывучаць яе творы, бо сапраўды багатую творчую спадчыну нам пакінула наша зямлячка. Яе паэзія - паэзія душы, кахання, асабістых успамінаў заўсёды будзе мець свайго чытача.
Яўгенія Янішчыц - паэтэса, якая доўгія гады нават пасля смерці застаецца ў ліку самых таленавітых жанчын у беларускай літаратуры. Яе любяць, помняць, яе вершы чытаюць і перачытваюць, вывучаюць. Трагічная і разам з тым надзвычай светлая постаць паэтэсы назаўсёды будзе зіхацець яркай зоркай на небасхіле беларускай паэзіі, жыць у сваіх кнігах і ў памяці кожнага, хто хоць раз у жыцці адкрываў зборнік яе вершаў.