НАШЫ ЗНАКАМІТЫЯ ВЫПУСКНІКІ. ДА 80-ГОДДЗЯ РЫГОРА ВЯЧОРКІ

Нямала вядомых людзей, якія зрабілі важкі ўклад у развіццё беларускай дзяржавы і беларускай эканомікі на розных гістарычных этапах, атрымалі першыя прафесійныя веды ў Пінскім улікова-крэдытным тэхнікуме, з якога і пайшоў наш універсітэт. Усе яны захавалі ўдзячную памяць пра сваю alma- matаr. Фундаментам сваіх жыццёвых здзяйсненняў лічыў вучобу ў Пінску і вядомы эканаміст, дзяржаўны дзеяч Рыгор Вячорка, 80-годдзе якога прыпадае акурат на гэты месяц.
Рыгор Мікалаевіч Вячорка (1934 – 2007) нарадзіўся  на Мерлiнскіх хутарах (гэта паўднёва-ўсходні кут цяперашняга Столінскага р-на, пакрыты балотамі. У 1961 г. людзей адтуль выселілі і зрабілі авіяпалігон). Нашчадак патомных мяшчан Гарадной (па бацьку) і Давыд-Гарадка (па маці). Вучоны, публiцыст, спецыялiст-практык у галiне макраэканамічнага рэгулявання і прагнозу, фінансаў і крэдыту, рэфармавання формаў уласнасці.
Пасля Пiнскага фiнансава-крэдытнага тэхнiкума закончыў эканамiчны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Кандыдат эканамiчных навук. Быў дэпутатам, старшынёй Планава-бюджэтнай камiсii Вярхоўнага Савета Беларусi. Заслужаны эканамiст Рэспублiкi Беларусь, ганаровы член калегii Мiнiстэрства эканомiкi.
Працаваў у Сельскагаспадарчым банку, у Дзяржаўным банку, Брэсцкую абласную кантору якога ўзначальваў у пачатку 1970-х гг.
З 1974 г. у Мiнску, дзе сем гадоў працаваў памочнiкам па эканоміцы Пятра Машэрава – кіраўніка Беларусі, першага сакратара ЦК КПБ; працаваў на іншых адказных эканамічных пасадах. Распрацоўваў і ажыццяўляў стратэгію эканамічнага развіцця краіны: пасля доўгіх гадоў адміністрацыйнага кіравання эканомікай пераконваў у неабходнасці эканамічна стымуляваць працаўнікоў, абгрунтоўваў укараненне навукаёмістых тэхналогій індустрыялізацыі сельскай гаспадаркі. У тым, што прадуктовае забеспячэнне ў Беларусі той эпохі было лепшым, чым у іншых рэспубліках тагачаснага СССР, ёсьць і яго заслуга.
У пачатаку 1990-х гадоў – першы намеснiк старшынi Дзяржэканомплана ў рангу міністра. Адзін са стваральнікаў нацыянальнай праграмы эканамічных рэформаў, “Праграмы пераходу Рэспублікі Беларусь да рынкавай эканомікі”, ухваленай у 1992 г. Вярхоўным Саветам і падтрыманай экспертамі Міжнароднага валютнага фонду і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Праграма забяспечвала стварэнне эканомікі незалежнай беларускай дзяржавы. Пазней – эксперт у Дэпартаменце эканамічнага аналізу і прагназавання Нацыянальнага банка.
Выкладаў у БДУ, БДЭУ, Беларускай акадэміі кіравання ды інш. Удзельнічаў у навуковых канферэнцыях Лонданскай школы эканомікі, Інстытута Адама Сміта ў Парыжы, Інстытута Сусветнага банка ў Вашынгтоне, цэнтра міжнародных эканамічных даследаванняў у Франкфурце-на-Майне і г.д. Мае больш за 100 навуковых публікацый, у тым ліку 3 манаграфіі. Быў рэдактарам эканамічнага аддзела ў “Беларускім банкаўскiм бюлетэнi”. Асноўныя тэмы – фінансава-крэдытная справа, макраэканамічны аналіз і прагноз, рынкавыя рэформы, інтэграцыя беларускай эканомікі ў сусветную.
У пачатку 90-х гадоў, калі трэба было "дзяліць" савецкую спадчыну, эфектыўна адстойваў эканамічныя інтарэсы Беларусі на перамовах краін СНД. Арганізатар супрацоўніцтва Беларусі з міжнароднымі фінансава-крэдытнымі арганізацыямі.
У апошнiя гады жыцця Рыгор Вячорка працаваў над успамiнамі, раздзел з якіх звязаны з вучобай у Пінску, прапануем чытачам. Спадзяемся, цяперашнія студэнты ацэняць, якія цяжкасці даводзілася адольваць іхнім папярэднікам, каб здабыць жаданыя веды.
Успаміны Р.М. Вячоркі
Край лясоў і балотаў, дзе з'явіліся ў пачатку ХХ стагоддзя Хутары Мерлінскія, – жыццядайнае месца ў цэнтры Палесся. Тут у 1918 г. набылі зямлю на выплат мае дзед і бацька, пераехаўшы з Гарадной, што недалёка ад Століна. Мяркуючы па ўсім, былі яны ў ліку апошніх пасяленцаў, бо іхні надзел месціўся практычна побач з балотамі князёў Радзівілаў і казённымі Альманскімі балотамі, дзе амаль не ступала нага чалавека і дагэтуль. Раскарчоўванне лесу і хмызнякоў на хутары, прыстасаванне ўчасткаў пад ворыва ляглі на плечы майго бацькі – Вячоркі Мікалая Трахімавіча, які ўручную выконваў гэтую тытанічную працу, хоць асаблівым здароўем не вылучаўся. Маці Праскоўя Міхайлаўна была родам з Давыд-Гарадка. У гэтай сям'і сёмым з дзесяці дзяцей я і з'явіўся ў 1934 годзе.
У мяне вельмі рана праявілася цікавасць да вучобы. Пытанне ж было ў тым, як навучыцца грамаце, калі для гэтага няма ніякіх магчымасцей. Бо грымнула вайна. Але нават у гэтых суровых умовах, дзякуючы мудрасці майго бацькі, які наогул быў непісьменным, удалося засвоіць буквар, навучыцца пісаць і чытаць. А вырашылі гэтую праблему дзясяткі са два бацькоў, якія нанялі прафесійнага настаўніка (з дыпломам Запарожскага ўніверсітэта) Іосіфа Рыгоравіча Дзямешку, каб ён навучыў грамаце іх дзяцей. За аднаго вучня плацілі яму паўтара пуда жыта. Удалося пазаймацца толькі два месяцы, але для мяне асабіста гэта была вялікая радасць, бо нават за гэты кароткі час засвоіў хоць нейкія азы граматы.
З 1 верасня 1944 года мне пашчасціла зноў займацца ў майго настаўніка Іосіфа Дзямешкі, які ўзначаліў пачатковую школу, чатыры класы якой я скончыў ў 1947 г. Пасля гэтага давялося два гады працаваць у калгасе, які на той час быў створаны.
У 1949 г., на маю вялікую радасць, была створана Мерлінская сямігадовая школа. З'явіліся новыя настаўнікі, новы дырэктар. Спачатку дырэктарам была Алена Васілеўна Ляхоўская – высокаадукаваны чалавек, яна вяла і рускую, і беларускую мову і літаратуру, і нямецкую мову. Затым месца дырэктара заняла Бандоліна Марыя Ульянаўна. Алену Васільеўну мне было шкада. Новыя настаўнікі-прадметнікі нічым асаблівым не вылучаліся, а таму ў вучобе трэба было разлічваць на ўласныя сілы, што мне, здаецца, удалося.
Скончыў сямігодку з адзнакай, і гэта адкрыла мне шлях да паступлення ў тэхнікум. У той жа час я разумеў, што ехаць куды-небудзь на вучобу (ці то ў сярэднюю школу, ці то ў тэхнікум) не магу, таму што у мяне вельмі абмежаваныя матэрыяльныя магчымасці.  У той жа час мой мудры “папко” нястомна паўтараў: «Я, грунд, хочу вывучыць Грышу, Грыша – гэто чоловек, трэба ёму вучыцца». Думаю, у такіх цяжкіх умовах не кожны бацька пайшоў бы на такі крок, бо няхай сям'я і вялікая, але пракарміцца разам усё ж лягчэй, чым падтрымаць аднаго з сямейнікаў асобна. І вось гэты чалавек, які сам не ведаў граматы, чалавек, які сам мог больш-менш нармальна паесці толькі на вялікія святы, а у іншыя дні сядзеў на бульбе і жытнёвым хлебе, не маючы ані сала, ані масла, які хадзіў увесну, улетку і ўвосень у пасталах, у старой зрэбнай вопратцы (не кажучы ўжо пра сясцёр і братоў), раптам марыць «вывучыць» свайго сына. Гэта не проста мудрасць, гэта подзвіг. Мой нізкі паклон яго нятленнай памяці.
* * *
Ішоў 1952 год. Рашэнне паступаць у тэхнікум было прынята. “Папко “ і іншыя сямейнікі пагадзіліся падтрымліваць мяне матэрыяльна, нягледзячы на ўсё, існавалі цяжкасці. Але паўстала пытанне, куды падацца. У першую чаргу хацелася трапіць ва ўстанову, размешчаную бліжэй да дому. Трапілася на вочы аб'ява аб прыёме студэнтаў у Пінскі фінансава-крэдытны тэхнікум. Тэрмін навучання быў тры гады, спецыяльнасці для мяне абсалютна невядомыя.
Неяк даведваюся, што ўжо скончыў першы курс гэтага тэхнікума былы наш вучань Арсен Аўдзяйчук. Ягоная сям'я некалькі гадоў таму  пераехала з Хутароў на новае месца – у пасёлак Высокае пад Давыд-Гарадком. Я неадкладна пайшоў да яго (гэта 40 км) па кансультацыю. Ён, вядома, усцешыўся, што  зямляк выявіў жаданне паступіць у тую ж установу, дзе ён вучыцца, падрабязна распавёў мне пра тэхнікум, і мы тут жа вырашылі, што я неадкладна падаю сюды дакументы, што і было зроблена. Прычым я сапраўды прыйшоў да высновы, што іншага выбару ў мяне і не павінна быць. І, як паказалі ўсе далейшыя мае шляхі-дарогі, не памыліўся. Паступіў я без уступных экзаменаў, бо сямігодку скончыў на выдатна. Па рэкамендацыі Арсена абраў спецыяльнасць «Фінансаванне і крэдытаванне капітальных укладанняў у сельскую гаспадарку».
Такім чынам, з 1 верасня 1952 г. я − студэнт (адрозна ад цяперашняга, тады ў гэтае слова ўкладваўся асаблівы сэнс). Пасялілі ў інтэрнаце, у пакоі, дзе было чалавек 15, а затым перавялі ў 8-мясцовы. Інтэрнат без усялякіх выгодаў, абагравалі самі торфам і дровамі. Гэты будынак захаваўся на рагу цяперашніх вул. Леніна і Веры Харужай.
Добра, што атрымаў павышаную стыпендыю, але яна ўсё роўна была мізэрная. Па першым часе вельмі цяжка пераносіў расстанне з сям'ёй. Вучэбная нагрузка здалася мне неверагоднаю,  бо за першы курс неабходна было вывучыць прадметы за сярэднюю школу (8—10 класы), ды што-нішто ўжо дадалося са спецыяльных дысцыплін.  Мне, хлопцу з глыбінкі, было цяжка ўсё гэта асвойваць. Але было жаданне ўсе гэтыя цяжкасці адолець. І ўжо першая сесія паказала, што з гэтай задачай спраўляюся – усе экзамены здаў на выдатна. Вядома, калегі кпілі, абзывалі «зубрылкам», але мяне гэта не палохала. Неўзабаве многім з іх давялося змірыцца з тым, што я ўсё ж сярод выдатнікаў не выпадкова, нешта ведаю лепш за іх.
Адной з найвастрэйшых праблем быў харч. Цяжка дастаць было нават паўбулкі хлеба. У гарадскіх крамах людзі займалі чаргу па хлеб у 3-4 гадзіны ночы. У нас жа такога часу не было – на занятках знаходзішся 8—9 гадзін. Хлеб далёка не заўсёды можна было купіць у тэхнікумаўскім буфеце. Часам выратоўваў Ілля, загадчык сталоўкі, якая захавалася па сённяшні дзень – цяпер гэта кавярня «Залаты колас». Яна была побач з інтэрнатам. Ілля адпускаў грамаў 200 хлеба з сабой, г. зн. без абавязковага заказу якога-небудзь баршчу. Пра цукар і казаць няма чаго. Запомніўся анекдатычны выпадак. Адзін з нашых хлопцаў недзе купіў трохі цукру. Убачыў  Міця Радзькоў і пытаецца : «Віця, дзе ты купіу цукру?» – «Ды вунь у цырульні, Міця». Той неадкладна пабег праз вуліцу ў цырульню, дзе яго, вядома, прынялі за ненармальнага.
Нягледзячы на адсутнасць часу, пасля заняткаў я амаль заўсёды варыў ці то крышаны з бульбы, запраўленыя салам з цыбуляй, ці то прасяную кашу. Праз паўгода кінуў курыць, бо гэта таксама патрабавала грошай.
Пра што казаць! Паездка дадому на канікулы і то ператваралася ў праблему. З 1947 года з Пінска ў Давыд-Гарадок па Прыпяці і Гарыні спачатку хадзіў праз суткі адзін параход «Партызан Бумажкоў», пазней яшчэ адзін – «Пяцігодка». Быў яшчэ варыянт ехаць цягніком да Лунінца, чакаючы перасадкі на Столін некалькі гадзін. Выкройваючы некалькі рублёў, я дабіраўся да Хутароў амаль пешшу, але гэта займала каля двух дзён. Ехаў цягніком з Пінска да Лахвы, ішоў лесам па бязлюднай старой дарозе, дзе да 1941 года праз Прыпяць быў мост, пераходзіў раку па лёдзе або пераязджаў на лодцы. Хорск быў першай вёскай на гэтым 20- кіламетровым шляху. Ад Хорска праз Гарынь ў Давыд-Гарадок, дзе начаваў у цётак – сясцёр мамкі Ганны і Алексы, а раніцай напрасткі балоцістай дарогай на Мерлін. Гэта яшчэ кіламетраў 20.
Вучоба ў тэхнікуме, мала сказаць, падабалася. Я быў ёю захоплены. Выкладчыцкі калектыў быў даволі кваліфікаваны. Найцяжэйшымі прадметамі для мяне былі фізіка, матэматыка і хімія. Але атрымалася даць ім рады дзякуючы такім асам, як фізік Пётр Мікітавіч Пуцыковіч і матэматык Валянцін Міхайлавіч Бабінец. Нямецкую мову не хацеў вывучаць, пра што вельмі шкадаваў, будучы ўжо ва ўніверсітэце. Хоць выкладчыца Фрыда Якаўлеўна  Баярская  старалася даць веды. Любіў гісторыю, якую выкладаў дырэктар Сямён Пятровіч Зяцікаў. Пачынаючы з першага курса, сталі вывучаць палітэканомію, па якой у той час не было ніякіх падручнікаў. Але дзякуючы таму, што выкладчыца Лідзія Клепікава ўмела вяла лекцыйныя заняткі, я паспяваў запісваць за ёю літаральна ўвесь матэрыял. Праўда, не ўсе потым мог прачытаць. Балазе мой сябар Сяргей Абрамчук расшыфроўваў цалкам мае запісы. Зразумела, абавязковым было і вывучэнне першакрыніц. Атрыманыя па гэтым прадмеце ў тэхнікуме веды мне вельмі спатрэбіліся пазней у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. Роўна гэта тычылася і спецыяльных прадметаў. Па некаторых з іх тэхнікумаўская праграма была шырэйшая за ўніверсітэцкую, а таму мае выдатныя адзнакі былі залічаны ў МДУ па прадметах «Фінансы і крэдыт СССР», «Tэорыя бухгалтарскага ўліку» ды іншых. З вялікім задавальненнем успамінаю імя Паўла Сцяпанавіча Макшова, які выкладаў у нас «Фінансаванне капітальных укладанняў". Двухмесячную практыку праходзіў у пункце ўпаўнаважанага Сельгасбанка ў Вілейцы.
Тры гады прайшлі вельмі хутка. У 1955 г. я атрымаў дыплом з адзнакай аб заканчэнні Пінскага ўлікова-крэдытнага тэхнікума (яго перайменавалі ў 1953 г.) па спецыяльнасці «Фінансаванне і крэдытаванне капітальных укладанняў у сельскай гаспадарцы». Сядзець далей на шыі ў сваёй сям'і не стаў, а таму надалей выбраў працу і завочную вучобу і адразу ж паступіў на эканамічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта  імя М.В. Ламаносава.


 

Краткая биографическая справка, фотографии и воспоминания предоставлены
дочерью Григория Николаевича Каштановой Еленой Григорьевной