Дзень роднай мовы

Калі ты думаеш аб лёсе сваёй мовы – значыць, не ўсё яшчэ страчана. Калі ты чуеш яе – ці то сучасную літаратурную,  ці  змешаную “трасянку”, або мясцовую дыялектную – ведай, што гэта ўсё яна – наша беларуская мова.
21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, у ліцэі прайшлі  мерапрыемствы, падрыхтаваныя вучнямі  разам з выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Магер Н.У.  Апранутыя ў нацыянальныя строі вучні-валанцёры правялі некалькі акцый: “Размаўляй з намі па-беларуску” ( на пытанні па беларускай мове, літаратуры і гісторыі Беларусі трэба было адказаць па-беларуску),  “Папацей, грамацей!” (успомніўшы правілы па арфаграфіі беларускай мовы, у прапанаваных сказах неабходна было ўставіць прапушчаныя літары), “Збяры прыказку” (з прапанаваных слоў скласці прыказку), “Любімыя словы”(складалі плакат, на якім кожны мог напісаць сваё улюбёнае беларускае слова), “Вершы ў кішэні” (за ўдзел ва ўсіх папярэдніх акцыях валанцёры дарылі аркуш з вершаванымі радкамі пра беларускую мову славутых мастакоў роднага слова). Усе ліцэісты праявілі высокую ступень актыўнасці  і паказалі трывалыя веды па беларускай мове, літаратуры і гісторыі Беларусі. Задавальненне і добры настрой на свяце забяспечвалі вучаніцы адзінаццатых класаў Леська Валерыя, Петруковіч Кацярына, Рылач Дар’я, Гембіцкая Марына, з 10 – Лагодзіч Анастасія.