Атручаныя радыяцыяй тэрыторыі становяцца пляцоўкамі для інавацыйных эксперыментаў

Чорны попел у выглядзе цэзію, стронцыю, радыеактыўнага ёду накрыў большую частку Магілёўскай і Гомельскай абласцей, запэцкаў ядавітымі плямамі Брэсцкую, Гродзенскую і Мінскую вобласці. На тэрыторыі Беларусі асела каля 70 % радыенуклідаў. Каб раёны зноў сталі прывабнымі для жыцця, за 35 паслячарнобыльскіх гадоў шмат чаго зроблена па пераадоленні наступстваў аварыі ў розных сферах гаспадарчай дзейнасці. Тут рэалізоўваюцца сур'ёзныя дзяржаўныя і прыватныя праекты, будуецца жыллё, адкрываюцца новыя вытворчасці, ствараюцца працоўныя месцы.

Умовы для развіцця

Летась у Слаўгарадзе быў урачыста адкрыты мост праз раку Сож, які злучыў два берагі аднаго раёна. У 1986 годзе левабярэжная частка Сожа, дзе знаходзіцца знакамітая Блакітная крыніца, амаль цалкам была выключана з жыцця. Жыхары тутэйшых вёсак вымушаны былі змяніць месца жыхарства, а іх дамы пахавалі, бо ўзровень радыяцыі зашкальваў. Але некалькі гадоў таму жыццё тут зноў аднавілася. Зараз менавіта на гэтых землях рэалізоўваецца ўнікальны экапраект, які дазволіць прывабіць турыстаў з усяго свету.

І добрым штуршком для гэтага стаў менавіта Указ № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці», рашэнне аб стварэнні якога было прынята Прэзідэнтам у 2014 годзе. Слаўгарадскі, Краснапольскі, Чэрыкаўскі, Касцюковіцкі, Клімавіцкі, Крычаўскі і Хоцімскі раёны, эканоміка якіх сур'ёзна пацярпела ад наступстваў аварыі на ЧАЭС, атрымалі новы стымул для развіцця.

З пачатку дзеяння ўказа ў эканоміку і сацыяльную сферу рэгіёна накіравана больш чым адзін мільярд рублёў інвестыцый у асноўны капітал, прыцягнута больш чым 37 мільёнаў долараў замежных інвестыцый. Створана 230 новых камерцыйных арганізацый, суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу. На зноў створаныя працоўныя месцы з 2015 года працаўладкаваны больш чым 2,5 тысячы чалавек. Дзякуючы ўказу зроблена мадэрнізацыя цэментных заводаў па пераводзе іх на мясцовыя віды паліва. У Крычаўскім раёне ўведзена вытворчасць па вырабе цэментава-стружкавых пліт, філіялам «Дамачай» засвоена новая вытворчасць кукурузнай палачкі. У Клімавіцкім, Касцюковіцкім і Краснапольскім лясгасах пабудаваны новыя дрэваапрацоўчыя цэхі. У Краснапольскім і Чэрыкаўскім — сушыльныя камеры. У выніку толькі за апошнія пяць гадоў паўднёвы ўсход павялічыў аб'ём перапрацоўкі драўніны ў 1,6 раза. Праводзіцца работа па абнаўленні сельскагаспадарчай тэхнікі, з'яўляюцца новыя вытворчыя аб'екты. У Слаўгарадзе рэалізоўваецца вялікі інавацыйны праект бабруйскага прадпрыемства «Чырвоны харчавік» па выпуску кандытарскіх вырабаў. Летась на яго слаўгарадскім філіяле запрацавала лінія па разліве мёду. У рэгіёне ўведзена ў эксплуатацыю 170 тысяч квадратных метраў жылля, з якіх больш чым 35 тысяч — летась. Палепшыліся фінансавыя вынікі дзейнасці гэтага рэгіёна. За перыяд з 2016 года да 2020-га выручка ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго сярэднеспісачнага работніка склала па вобласці 177,6 %, а канкрэтна па паўднёвым усходзе — 214 %!

— Усё гэта сведчыць, што паўднёвы ўсход пакрысе падцягваецца да сярэднеабласных лічбаў, — адзначае намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. — Новы імпульс для далейшага развіцця быў дадзены летась 20 мая, калі кіраўнік краіны падпісаў дадатковы Указ № 177 «Аб мерах па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці». Гэтым указам створаны дадатковыя меры па цэламу шэрагу кірункаў.

Стала больш ініцыятыўных

Вялікую ролю для краіны сыграла і супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі, якія дапамагаюць рэалізаваць на тэрыторыі Беларусі праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі. За апошнія сем гадоў Мінэканомікі сумесна з ПРААН рэалізавала тры буйныя праекты: «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» (у рамках якога ў Магілёўскай вобласці атрымалі пуцёўку ў жыццё 53 ініцыятывы), «Садзейнічанне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Рэспублікі Беларусь» (на тэрыторыях Магілёўскай і Віцебскай абласцей створана інфраструктура для падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, распрацаваны спецыяльныя вучэбныя даведнікі па асновах прадпрымальніцтва, праведзены шэраг стартап-мерапрыемстваў і конкурсаў, ініцыятыў) і «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які рэалізоўваецца з 2019 года на тэрыторыі 12 раёнаў Магілёўскай вобласці.

— Пасля аварыі на ЧАЭС шмат хто пакінуў наседжаныя месцы, але засталіся ініцыятыўныя, — кажа дырэктар Фонду развіцця сельскіх тэрыторый Сяргей Тарасюк. — За апошнія 10 гадоў адбыўся каласальны рост ініцыятыў ад насельніцтва. Калі спачатку гэта былі нязначныя спробы развіваць праектную дзейнасць, то на сёння ў Магілёўскай вобласці болей чым 20 мясцовых арганізацый, пяць райвыканкамаў актыўна прыцягваюць прамыя інвестыцыі Еўрасаюза. У Беларусі няшмат тэрыторый, дзе такое магчыма было б стварыць. У выніку болей чым тры мільёны еўра знешніх інвестыцый прыцягнуты ў гэтыя рэгіёны. Вельмі перспектыўныя праекты «Амулет Прысожжа» Слаўгарадскага раёна, Чыгірынскае вадасховішча Быхаўскага раёна. Гэта тэрыторыі прыцягнення вялікіх рэсурсаў, і яны, па нашых падліках, змогуць іх не толькі прыцягнуць, але і зрабіць самаакупнымі. Напрыклад, па Слаўгарадзе мы спадзяёмся, што да 2025 года абарот рэсурсаў толькі на гэтай тэрыторыі складзе каля пяці мільёнаў долараў. Дзякуючы кіраўніку дзяржавы зроблены мост, што робіць запаведную тэрыторыю больш даступнай. На ўзроўні Слаўгарадскага райвыканкама з усімі партнёрамі ствараюцца ўмовы, каб рэсурсы эфектыўна выкарыстоўваліся.

Сёння ініцыіруецца стварэнне электронных пляцовак, праз якія насельніцтва збіраецца прасоўваць мясцовыя прадукты. Вядзецца распрацоўка адмысловага дадатку на смартфоны. Пяць раёнаў Магілёўскай вобласці гатовы прапанаваць там каля 200 унікальных тавараў і паслуг.

— Гэта дазволіць павысіць матывацыю прадпрымальнікаў развіваць дзелавую актыўнасць, — перакананы Сяргей Тарасюк. — Сёння людзі думаюць не толькі пра сваю ініцыятыву, яны клапоцяцца пра развіццё сваіх мікрарэгіёнаў — вёску, сельскі Савет. Больш чым 20 мікрарэгіёнаў на гэтай тэрыторыі распрацоўваюць сваё бачанне, план устойлівага развіцця. І такая ініцыятыва мае вялікую патрэбу ў падтрымцы.

Перспектывы для забруджаных тэрыторый

Шмат чаго перспектыўнага і перадавога прапаноўвае для тэрыторый,

пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, тэхнапарк «Палессе», які існуе пры Палескім дзяржуніверсітэце. У 2018 годзе тут створаны інавацыйна-прамысловы кластар у сферы біятэхналогій і зялёнай эканомікі. Цяпер яго ўдзельнікамі з'яўляюцца 35 прадпрыемстваў, якія займаюцца выпускам аграбіятэхналагічнай прадукцыі.

— Кластар дазваляе аб'яднаць дробныя прыватныя прадпрыемствы з буйнымі вытворчымі цэнтрамі і холдынгамі, — удакладняе дырэктар навукова-тэхналагічнага ТАА «Тэхнапарк «Палессе» Аляксей Козыр. — Паміж удзельнікамі наладжваюцца тэматычныя сувязі, якія дазваляюць ствараць канкурэнтны прадукт з высокай дабаўленай вартасцю. Прыярытэтныя кірункі — жывёлагадоўля і раслінаводства, тэхналогіі здаровага складу жыцця, «зялёная» эканоміка і турызм. Вядзецца работа з удзельнікамі кластара, даследчая дзейнасць.

Рэалізацыя кластара адкрывае магчымасць стварэння новых форм узаемадзеяння: навука, бізнес, вытворчасць, адукацыя. У 2010-м ва ўніверсітэце была распрацавана тэхналогія размнажэння ягадных культур, такіх як маліна, буякі, ажыны і іншыя.

— Каб гэтыя прадукты рэалізоўваліся, праводзім комплексную адукацыю насельніцтва і прадпрыемстваў па рабоце з прадуктамі, — удакладняе Аляксей Козыр. — У 2011 годзе былі зроблены першыя закладкі буякоў, аказвалася падтрымка прадпрыемствам, якія сталі першапраходцамі. Зараз 15 прадпрыемстваў працуюць у гэтай сферы.

Зараз у рэалізацыі тэхнапарка знаходзіцца 17 праектаў. Вельмі перспектыўны з іх па стварэнні плантацыі паўлоўніі лямцавай. Плантацыі могуць быць закладзены на тэрыторыі раёнаў, якія аднаўляюцца ад аварыі на ЧАЭС. Пасля сямі гадоў з кожнага гектара можна атрымліваць ад 240 да 350 кубаметраў якаснай драўніны. Плануецца адкрыццё вытворчасці па выпуску палімерных біяцыдаў, якія знаходзяць шырокае прымяненне ў сельскай гаспадарцы, камунальнай сферы, выкарыстоўваюцца для аднаўлення забруджаных зямель. Яшчэ адзін праект датычыцца вырошчвання якаснай рыбнай прадукцыі — распрацавана спецыяльная тэхналогія. З аднаго кубаметра можна будзе атрымліваць за паўгода ад 200 і болей кілаграмаў карыснага прадукту.

Подробная информация на zviazda.by/be