500-годдзе беларускага кнігадрукавання

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў чытальнай зале бібліятэкі (вучэбны корпус №3) экспануецца кніжная  выстава “Францыск Скарына: заснавальнік беларускага кнігадрукавання”. Пачаткам кнігадрукавання на Беларусі лічыцца 1517 год, калі наш славуты зямляк з Полацка, асветнік і гуманіст Францыск Скарына надрукаваў у Празе першую беларускую кнігу “Псалтыр”.
Францыск Скарына з’яўляецца яркім і значным прадстаўніком беларускай культуры эпохі Адраджэння. Ён увайшоў у гісторыю як першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном. Сэнс сваёй дзейнасці Францыск Скарына бачыў у служэнні народу. Ён імкнуўся далучыць сваіх суайчыннікаў да здабытку культуры і рабіў гэта праз кнігі.
Францыск Скарына нарадзіўся ў г. Полацку каля 1490 г. Атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і ступень магістра медыцынскіх навук ў Кракаўскім універсітэце, затым ступень доктара “лекарскіх навук” у Падуанскім універсітэце. Выдавецкую дзейнасць пачаў у Празе, дзе надрукаваў 23 ілюстраваныя кнігі Бібліі ў перакладзе на старабеларускую мову.  У пачатку 1520-х гадоў пераехаў у Вільню і заснаваў друкарню. У ёй надрукаваны “Малая падарожная кніжка” і “Апостал”. Кнігі Скарыны зрабілі значны ўплыў на духоўную культуру Беларусі, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай дзяржаве, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях.
Запрашаем усіх жадаючых!