18 красавіка 2018 г. ў Брэсцкай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А.С. Пушкіна адбылася творчая сустрэча з паэткай i пісьменніцай Аленай Аляксандраўнай Ігнацюк

Алена Ігнацюк – аўтар вершаваных зборнікаў “Нота “ля”, “Летаргія”, “Будзе ўсё наадварот”. Зусім нядаўна ў сталічным “Кнігазборы” выйшла чарговая кніга Алены – “Дыярыуш для дзівалова”. А 18 красавіка ў Брэсцкай гарадской  цэнтральнай бібліятэцы імя А.С. Пушкіна адбылася  прэзентацыя новага твора.
Жанр кнігі, па вызначэнні аўтара, – зімовая фантасмагорыя. “Фантасмагорыя, – як тлумачыць Алена Аляксандраўна, – змешвае разам і сумбур, і гратэск, таксама  іронію  і нейкія хаатычныя інтанацыі, што прыводзяць да адчування таго, што адбудзецца нешта касмічнае”. А яшчэ “фантасмагорыя – гэта мастачка, якая жыве ў палацы гарэзлівага пана Сну і распісвае ненадакучлівымі фарбамі яго сненні”. Да фантасмагарычных дзённікавых запісаў дададзены  і паэтычныя радкі, якія гучаць найперш з вуснаў коткі Евы, а яшчэ пінскіх паэтаў, знаўца латыні пацука-бібліяфіла і пасцільнай Музы, містычнага этнографа Яна Ласіна.
Дзеянне адбываецца на фоне зімовых пейзажаў горада Пінска, дзе зараз жыве і працуе Алена Ігнацюк. Не могуць не зацікавіць малюнкі Пінска часоў каралевы Боны. Разам з мілнаўскім Тыграй добра пагуляць па лясах і балотах Піншчыны. Аўтар высока цэніць народныя традыцыі і культуру роднага краю.
На працягу васьмі дзён тыдня (бо  ў кнізе ёсць і Шчасніца – восьмы дзень, які не існуе ў рэальнасці) фантасмагорыя і паэзія як “алегарычныя кумачкі” дапамагаюць зразумець філасофію “нуля”, заканамернасць “метамарфозаў”, яны разважаюць пра тое, як адшукаць “субстанцыю”, зводзяць гераіню з Гандляром-прусаком і панам Буслом. 
Цікава, што кнiжка выйшла пад псеўданімам Дора Гуш (сутнасць яго пакуль што раскрываць не будзем).
Павіншаваць Алену Ігнацюк з новым творам прыйшлі брэсцкія пісьменнікі Мікола Пракаповіч, Лявон Валасюк, Мікола Сянкевіч.
З выхадам кнігі аўтарку павіншавалі і  навучэнкі ліцэя  № 1  імя             А.С. Пушкіна г. Брэста разам са сваёй настаўніцай Ларысай Паўлаўнай Візгульб, якія арганізавалі дыскурс на тэму “Траекторыя слядоў Доры Гуш”. Аматарамі творчасці Алены Ігнацюк сталі і навучэнцы Бресцкага абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава.
Супрацоўнікамі бібліятэкі была падрыхтавана кніжная выстава аб жыцці і творчасці Алены Ігнацюк “Спявай мая Паэзія”.
Мерапрыемства прайшло ў добразычлівай атмасферы, якую ўдалося стварыць усім, хто прысутнічаў, а галоўнае, самой Алене Аляксандраўне, якая, як агенчык, нясе сваю мастацкую энергію  людзям.