Творчая сустрэча з паэткай Марыяй Кобец  

28 сакавіка у чытальнай зале бібліятэкі адбылася творчая сустрэча з паэткай Марыяй Кобец «Сэрца маё о Піншчына, шчасце маё Берасцейшчына», прысвечаная Сусветнаму дню паэзіі.
«Палеская Мадонна з Валішча», так называюць Марыю Кобец. Марыя Уладзіміраўна нарадзілася ў вёсцы Валішча. Першы свой верш напісала яшчэ ў школе. Пасля заканчэння медыцынскага вучылішча працавала ў роднай вёсцы фельдшарам, потым узначальвала сельскі Дом культуры. Цяпер - рэдактар  аддзела навін карэспандэнцкага пункта г. Пінска РУП РТЦ   «Тэлерадыёкампаніі «Брэст». З 2011 года Марыя Кобец - член Саюза пісьменнікаў Беларусі,  з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, лаурэат абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка. Займаецца перакладамі з сербскай, туркменскай, таджыкскай, украінскай моў. Аўтар паэтычных зборнікаў «Кроплі» і «Палыновая квецень».
На творчую сустрэчу з паэтэсай прыйшлі калегі – літаратары Анатоль Шушко і Валерый Грышкавец, ад якіх прагучала шмат добрых, цёплых слоў у адрас галоўнай гераіні сустрэчы. Вельмі прыемна было пачуць прыгожае дэкламаванне вершаў Марыі Кобец у выкананні нашых студэнтаў Фраленковай Галіны, Грыцкевіч Алесі, Мімікавай Лізы. Прысутныя задавалі розныя пытанні і з захапленнем слухалі выступленне самой Марыі Уладзіміраўны.